Згаслыя зоркі Яд Вашэм
Газета «Пастаускi край» №10 (9881) 04.02.2017
Манумент яўрэйскім салдатам і партызанам — змагарам з нацысцкай Германіяй.
Напрыканцы мінулага года настаўніца гісторыі СШ №4 Тамара Аркадзьеўна ХРАПАВІЦКАЯ ўдзельнічала ў адукацыйным семінары па тэме “Другая сусветная вайна і Катастрофа яўрэйскага народа — гістарычныя і адукацыйныя аспекты”, які на працягу дзесяці дзён праходзіў у Іерусаліме. Катастрофай у Ізраілі называюць Халакост (масавае знішчэнне яўрэяў нацыстамі). Сёння Тамара Аркадзьеўна дзеліцца ўражаннямі ад паездкі.
Тэмай Халакосту пачала займацца выпадкова. Ідэю падаў аршанец Генадзій Вінніца, які амаль дваццаць гадоў таму патэлефанаваў у нашу школу і папрасіў сабраць звесткі пра даваеннае жыццё і далейшы лёс яўрэяў Пастаўшчыны. Падчас збору матэрыялаў (запісу ўспамінаў сведак, работы з дакументамі і публікацыямі) была настолькі ўражана маштабамі трагедыі, што з галавой акунулася ў тэму, пачала займацца даследчай дзейнасцю, прымаць удзел у разнастайных семінарах, прысвечаных Халакосту.
У нашу групу ўваходзілі дваццаць два жыхары Беларусі. Большасць складалі настаўнікі агульнаадукацыйных школ, было і некалькі супрацоўнікаў краязнаўчых музеяў. Нас запрасілі ў Ізраіль, каб расказаць пра маштабы Халакосту, навучыць методыцы выкладання гэтай тэмы, паказаць мемарыяльны комплекс Яд Вашэм, прысвечаны ахвярам нацыстаў, азнаёміць з культурнай спадчынай яўрэяў. Праграма была насычанай і цікавай, тэарэтычныя заняткі чаргаваліся з экскурсіямі.
Спецыяльна для нас арганізавалі сустрэчу з былым вязнем Мінскага гета Давідам Таўбкіным, якому на пачатак Вялікай Айчыннай вайны было дзевяць гадоў. Усе яго родныя і сваякі загінулі, а яму ўдалося выжыць, дзякуючы добрым людзям. Давід Таўбкін успамінаў, праз якія здзекі і прыніжэнне давялося прайсці ў гета, пра тых, хто дапамог выратавацца. Пасля яго расказу ў мяне было такое ўражанне, быццам паглядзела фільм жахаў.
Надзвычай кранула наведванне мемарыяльнага комплексу Яд Вашэм, прысвечанага ахвярам Халакосту перыяду з 1933 па 1945 гады. Ён размешчаны на Гары Памяці на плошчы 18 гектараў і складаецца з некалькіх частак. Расказаць пра ўсе яго аб’екты ў рамках артыкула немагчыма, таму спынюся на тых, што ўразілі найбольш. У першую чаргу гэта Дзіцячы мемарыял, які ўяўляе сабой пячору, зробленую ў скале. Унутры — абсалютная цемра, а над галавой — зорнае неба. Як высветлілася, яго ўтвараюць некалькі люстэркаў і пяць электрычных свечак, але адбываецца такое праламленне святла, што здаецца, нібы зорак — мільёны. Дзеці — гэта і ёсць зоркі, якія канулі ў цемру. Паралельна гучыць аўдыёзапіс. Зачытваюцца імёны, прозвішчы і ўзрост забітых дзяцей — спісак у паўтара мільёна імён. Яўрэі лічаць, што самае галоўнае для памерлага — каб памяталі яго імя, таму ўсіх, хто заходзіць у пячору, просяць запомніць хаця б адно з іх.
Запала ў сэрца Даліна абшчын. На сценах своеасаблівага лабірынта высечаны на іўрыце і лацініцы назвы населеных пунктаў, дзе знішчалі яўрэяў. Ёсць там і Паставы, Дунілавічы, а таксама мая родная вёска Забрэззе (Валожынскі раён Мінскай вобласці), у якой у даваенныя гады 15% насельніцтва складалі яўрэі. Генацыд быў настолькі жахлівым, што людзям міжволі хацелася сцерці з памяці тыя ўспаміны. Таму пра многія падзеі, якія адбываліся ў тыя гады на маёй малой радзіме, даведалася толькі, калі стала настаўніцай. Тады ў поўнай меры зразумела і выраз “абы не было вайны”, які даволі часта паўтаралі бабулі і сапраўдны сэнс якога мы ў маладосці не маглі ацаніць. Дакладную колькасць яўрэяў, знішчаных у Пастаўскім раёне, вызначыць складана, паколькі падчас вайны на нашай тэрыторыі былі не толькі мясцовыя жыхары: яўрэйскія сем’і прыходзілі з суседніх раёнаў, бо лічылі, што ў вялікім гета будзе лягчэй выжыць.
Мемарыяльная сцяна, устаноўленая ў Садзе Праведнікаў свету, увекавечвае імёны ўсіх, хто, рызыкуючы сваім жыццём, спрабаваў выратаваць яўрэяў. Побач — Алея Праведнікаў свету, у якой пад кожным дрэвам ёсць таблічкі з прозвішчамі і імёнамі тых, хто дапамагаў яўрэям пазбегнуць знішчэння. Ёсць нават дрэва, прысвечанае Эміліі і Оскару Шындлер (ён быў членам нацысцкай партыі, але, нягледзячы на гэта, выратаваў ад смерці больш за тысячу яўрэяў).
Многія папракалі яўрэяў у несупраціўленні нацыстам, называлі баранамі, якія пакорліва ішлі на бойню. Але гэта не так. Прыкладаў іх гераічнай барацьбы дастаткова. Узяць хаця б братоў Бельскіх, якія зрабілі падкоп у Навагрудскім гета, арганізавалі ўцёк, а потым стварылі партызанскі атрад. Таму не магла ўтрымацца, каб не сфатаграфавацца на фоне помніка героям паўстання ў Варшаўскім гета і помніка яўрэям-партызанам. Уразілі Музей гісторыі Халакосту, Зала памяці, мемарыял дэпартаваным у выглядзе вагона для перавозкі жывёлы, плошчы Надзеі, Сям’і, Януша Корчака і іншыя аб’екты Яд Вашэм.
Фундаментальныя звесткі пра Шоа (так па-яўрэйску называецца Катастрофа) ўтрымлівае адукацыйны цэнтр “Міжнародная школа даследаванняў Халакосту”, дзе мы і праходзілі стажыроўку. Ён заснаваны ў 1993 годзе і праводзіць семінары для студэнтаў і работнікаў сферы адукацыі Ізраіля і іншых краін свету, распрацоўвае педагагічны інструментарый. Штогод тут праходзяць навучанне прыблізна 10 тысяч настаўнікаў. Пасля курсаў выдаюцца сертыфікаты і навучальныя дапаможнікі. Я выбрала дапаможнік па выкладанні гісторыі Катастрофы “Сцяжынкай памяці”, да якога прыкладаецца альбом “Аўшвіц” (у ім апісваецца, як ствараўся і дзейнічаў найбуйнейшы лагер смерці Асвенцім, утрымліваюцца паказанні сведак), раздатачны матэрыял, дакументальныя фільмы.
Надзвычай уразіла наведванне музея Тэадора Герцля — заснавальніка Сусветнай сіянісцкай арганізацыі, якому належыць ідэя стварэння яўрэйскай дзяржавы. У музеі чатыры залы. На сценах — вялікія дысплеі, на якіх дэманструецца дакументальны пастановачны фільм пра Герцля і гістарычныя падзеі, у якіх ён прымаў удзел і на якія паўплываў. Тут можна ўбачыць пісьмовы стол палітычнага дзеяча, яго дзённікі, паперы і іншыя асабістыя рэчы. Асабліва спадабалася зала, прысвечаная сіянісцкім кангрэсам у Базелі. Антураж гістарычных падзей дапаўняюць васковыя фігуры, а аўдыёзапіс стварае адчуванне, нібыта ты сам прысутнічаеш на пасяджэнні кангрэса, чуеш, што абмяркоўваюць яго ўдзельнікі. Дарэчы, для яшчэ большай праўдападобнасці можна прысесці на крэслы побач з васковымі фігурамі. Здавалася, што вандруеш на машыне часу. Недалёка ад музея, на вяршыні гары Герцля, знаходзіцца і яго магіла. Побач, на могілках, хаваюць выдатных дзеячаў сіянізму. Ёсць тут і магіла нашага земляка (нарадзіўся на Валожыншчыне) Шымона Перэса — Прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру.
Сцяна Даліны абшчын.
Каля Сцяны Плачу, якая падзелена на жаночую і мужчынскую паловы, разам з іўдзеямі моляцца і хрысціяне. Вернікі пакідаюць тут свае запіскі з просьбамі, і іх так многа, што я ледзь змагла пакласці сваю і тыя, што перадавалі знаёмыя. У гэтым месцы заўсёды шматлюдна, а брукаваныя дарогі, якія пабудаваны ў II- XV стагоддзях, адшліфаваны нагамі наведвальнікаў настолькі, што па іх слізка ісці.
Мы наведалі храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, дзе быў распяты Ісус Хрыстос. Пабывалі ў святыні, дзе чытаў нагорную пропаведзь Ісус Хрыстос, якая знаходзіцца на беразе Галілейскага мора, у яе цэнтры — скала. Скала ёсць таксама і ў царкве першынства апостала Пятра. Яна называецца стол Хрыстовы, паколькі Хрыстос накрываў тут вячэру для сваіх вучняў-рыбакоў. Храмы запомніліся прастатой афармлення, адсутнасцю пышнасці. Хрысціяне, якія былі тут разам з намі, размаўлялі на розных мовах свету, мелі розны колер скуры. Я вырасла ў сям’і атэістаў, але хрысціянская свядомасць настолькі трывала сядзіць у нас, што ў такіх святынях душа сама гаворыць з Богам.
Не прамінулі акунуцца ў раку Іардан, дзе Іаан Хрысціцель хрысціў Ісуса. Пра гэту падзею сведчаць запісы на ўсіх мовах свету, высечаныя на спецыяльных плітах. Было цікава назіраць, як радаваліся людзі і ўсхвалялі Госпада. Прачыталі малітву на беларускай мове “Ойча наш” і мы. Вада ў Іардане як сырадой — цёплая і павольная, у ёй — неверагодная колькасць рыбы. Нездарма гавораць, што ў былыя часы ад яе рваліся рыбацкія сеткі. А вось купанне ў Мёртвым моры пакінула непрыемнае адчуванне: у вадзе вельмі вялікае ўтрыманне солі, таму чым большы ціск аказваеш на яе, тым больш цябе выштурхоўвае. Адным словам, боўталася, як муха ў кісялі.
Спадабаўся працавіты ізраільскі народ. Краіна хоць і не мае знешняга доўгу, людзі шчыруюць з усіх сіл: апрацоўваюць кожны кавалачак зямлі, вырошчваюць у цяпліцах трапічныя культуры, пад кожны плод падвешваюць мяшочак. І гэта пры тым, што ўмовы для сельскагаспадарчай дзейнасці тут неспрыяльныя, часта бывае засуха.
Вяртаючыся да тэмы знішчэння яўрэяў, хачу дадаць: штогод 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. У Яд Вашэм і сёння надаюць вялікую ўвагу збору паказанняў сведкаў страшнай трагедыі. Буду ўдзячна і я, калі хто-небудзь падзеліцца са мной успамінамі па гэтай тэме.
Запісала Вераніка ФІЛАНОВІЧ.
Фота Тамары Храпавiцкай